На працягу другой вучэбнай змены ва ўзноўленым беларускім хутары Неслуч ХІХ ст. праходзяць інтэрактыўныя заняткі “Жывая нітка традыцый”.
У сценах беларускай вясковай хаты дзеці даведваюцца пра святы народнага календара, павер’і і звычаі. Зубратам расказваюць пра традыцыі святкавання і сімволіку Калядаў, Вялікадня, Купалля, Дажынак і інш. З дапамогай этнаграфічных прадметаў і галоўных абрадавых атрыбутаў пагружаюцца ў гісторыю старадаўняй побытавай культуры.
Разам з гаспадыняй успамінаюць і традыцыі памінання продкаў – як самае шаноўнае свята беларускага народнага календара – адказваючы на пытанні: чаму людзям важна помніць сваіх дзядоў і якім чынам яны могуць уплываць на наша жыццё? Даведаліся, чым жа з’яўляецца свяча ў традыцыйнай абрадавай культуры беларусаў.
Атрымалася вельмі атмасферная і ўтульная сустрэча-знаёмства з абрадамі і звычаямі роднай народнай культуры.

