Новости школы

Слова, якое аб’ядноўвае

Слова, якое аб’ядноўвае

У «Зубронку» творча адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага 2026 года у свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. У школе НДЦ «Зубронак» гэты дзень стаў сапраўдным святам беларускага слова. З самай раніцы ў школе панавала незвычайная, натхнёная атмасфера. Настаўнікі праводзілі ўрокі ў прыгожых вышыванках. Сімвалічныя арнаменты на кашулях як нішто іншае падкрэслівалі сувязь пакаленняў і духоўны скарб нацыі.
Для выхаванцаў цэнтра педагогі падрыхтавалі цэлы шэраг інтэрактыўных заданняў, дзе галоўнымі героямі сталі вобразныя беларускія словы і мудрыя фразеалагізмы. Акрамя таго, школьнікі даведаліся шмат цікавостак пра мову.
Але самым відовішчным і запамінальным стаў сюрпрыз у калідорах школы. Там проста ў паветры «паплылі» незвычайныя воблакі, на якіх красаваліся цытаты пісьменнікаў, а таксама стыльныя падборкі кніг, якія варта прачытаць кожнаму беларусу.
Міжнародны дзень роднай мовы ў «Зубранку» прайшоў ярка і паказаў, што беларуская мова – гэта не толькі школьны прадмет, а жывая прыгажосць, якая здольна аб’яднаць дзяцей і дарослых.